буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у нізоўі р. Свіслач (прыток Бярэзіны) у 14—18 ст. Першапачаткова ўяўляла сабой, напэўна, цэнтр. частку Свіслацкага княства, далучанага да ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. У 15 ст., верагодна, мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв. У 1-й пал. 16 ст. ўваходзіла ў Віленскае ваяв. У 1560 у С.в., як і ў інш.дзярж. маёнтках, праведзена зямельная рэформа, уведзена новая адзінка абкладання — служба. Паводле інвентара, складзенага з гэтай нагоды, у воласці (акрамя мястэчка і замка Свіслач) было 18 сёл з 484 дварамі, у якіх намерана 137 службаў. Паводле адм. рэформы 1565—66 тэр. С.в. на З ад р. Бярэзіна ўключана ў Мінскі пав., рэшта — у Аршанскі пав. У 1568 свіслацкі намеснік М.Б.Гарабурда атрымаў ад вял.кн.ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста прывілей на падараванне яму воласці, якая засталася за яго нашчадкамі як прыватны маёнтак.